ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ПРА́ЦЫ,

ступень напружанасці працы; колькасць працы, затрачанай работнікам у працэсе вытв-сці за адзінку часу. Эканам. значэнне І.п. выяўляецца ў яе ўплыве на аб’ём і кошт прадукцыі. У выніку росту І.п. павялічваецца колькасць вырабаў, а кошт кожнага з іх не мяняецца, што садзейнічае зніжэнню выдаткаў вытв-сці і росту прыбытку прадпрыемства. Адрозніваюць нармальна неабходную І.п., калі адпачынак пасля працы цалкам аднаўляе працаздольнасць чалавека, і празмерную, пры якой зніжаецца працаздольнасць. Нармальна неабходная І.п. ўлічваецца пры ўстанаўленні працоўных норм і з’яўляецца фактарам росту прадукцыйнасці працы. І.п. павялічваецца пры ажыццяўленні комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, камп’ютэрызацыі, арг-цыі канвеернай вытв-сці, павышэнні хуткасці работы машын і павелічэнні колькасці абсталявання. Навук.-тэхн. прагрэс вядзе да зніжэння затрат фіз. (мускульных) сіл чалавека і павелічэння затрат разумовай працы. Дасягненне нармальна неабходнай І.п. можа быць забяспечана тэхн. абгрунтаваным нарміраваннем працы, укараненнем навук. арг-цыі працы, умацаваннем прац. дысцыпліны і ўзмацненнем матывацыі працы. У галінах з павышанай І.п. ўводзіцца скарочаны рабочы дзень.

Г.​Ф.​Кузняцова.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)